Духоўным багаццем, якое мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў, можна ганарыцца перад усім светам і, каб захаваць сваю самабытнасць у культурным асяроддзі, неабходна яго зберагчы і перадаць будучым пакаленням. З гэтага багацця (свят, абрадаў, загадак, песень, легенд) і паўстае перад намі вобраз нашай роднай вёскі. Саматэвіцкі фальклор – гэта сапраўдная крыніца духоўнага жыцця сялян з яго старадаўнімі і неўміручымі ўстоямі, якая збераглася да нашых дзён як самабытны лакальны пласт традыцыйнай культуры рэгіёна.

Легенды

Вёска Саматэвічы мае сваё далёкае мінулае, якое, магчыма, і дало ёй назву. Наогул, вёску так назвалі людзі і данеслі да нас, сучаснікаў, легенды і паданні пра яе.

Вось некаторыя з іх. У далёкія гады на месцы, дзе зусім нядаўна знаходзілася вёска Саматэвічы, быў густы лес. Ён падыходзіў да самай ракі. Гэта прыгожае месца здаўна вабіла да сябе людзей, і яны пачалі сяліцца тут. На беразе ракі пабудавалі хаты. Рака ж была шырокая, глыбокая. Пайшлі аднойчы хлопцы купацца, ды адзін з іх патануў. Доўга не маглі змірыцца бацькі з такім горам. І вырашылі яны пакінуць гэта месца. Але праз некаторы час яны вярнуліся. І ўсё было б добра, калі б і другога сына “не забрала” рака. Пасля такога здарэння людзі вырашылі, што рака “глынае” людзей, як чорная вутка глынае чарвяка, таму назвалі яны гэту раку Чарнавутка. І другі раз сям’я пайшла адсюль, аднак не знайшла лепшай долі і вярнулася на старое месца. Аднавяскоўцы, якія ведалі пра трагедыю ў гэтай сям’і, гаварылі так: “Вось вярнуліся зноў тыя самыя ці самыя тыя. З таго часу паселішча сталі называць Саматэвічы.

Другое паданне сцвярджае, што вёска мае такую назву таму, што тут жылі самастойныя людзі, якія ні ад кога не залежылі. Не залежылі ў тым сэнсе, што ў іх доўга не было памешчыка.

Саматэвічы былі вялікай прыгожай вёскай да 1992 года, цэнтрам сельскага Савета. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары перасяліліся ў новы пасёлак – Новыя Саматэвічы, які з 2005 года стаў сучасным прыгожым аграгарадком і размясціўся на землях вёскі Ліпаўка. У аснове назвы гэтай вёскі парода дрэва – ліпа. Раней на месцы вёскі Ліпаўка быў непраходны лес. Пасярэдзіне лесу працякаў ручэй, а паабапал раслі старыя ліпы. Гэты ручэй назвалі Ліпавым. На яго берагах пачалі сяліцца людзі. Яны сеялі лён, ткалі тканіну, шылі сабе адзенне. Настоем ліпавай кары фарбавалі гэтае адзенне. З абутку насілі лапці, сплеценыя з кары маладых ліп. Сваё паселішча яны называлі Ліпавым Руччом. Яно было заснавана ў 1726 годзе як слабада, дзяржаўная ўласнасць у Крычаўскім старастве Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага.

Жыхары пераселенай вёскі беражна захоўваюць сваю саматэвіцкую духоўную спадчыну для будучых пакаленняў.

У нашым краі гавораць так

- Закурым табаку цёртага, успомнім пра жывога і мёртвага.

- Верабей ногі не прамачыў.

- Косцю ў горле сядзіць.

- Курэц ад старога лапця.

- Бокам не апракінуць (многа).

- Не купі двара, а купі суседа.

- Каля поўнай міскі шмат сяброў.

- Памяняў плеш на лысіну.

- Глядзіць як баран у Біблію.

- Хадзіць ходарам.

- Паказаць тавар ліцом.

- Мазгі калабродзіць.

 

Загадкі

 

Два братцы ў ваду глядзяць,

але ніколі не сходзяцца. /Берагі/

***

З барадою, а не стары;

з рагамі, а не бык;

дояць, а не карова;

лыкі дзярэ, а лапці не пляце. /Каза/

***

У маці дваццаць дзетак, усе дзеткі – адналеткі. /Квактуха з куранятамі/

 

***

Не кароль, а пры кароне;

не гусар, а пры шпорах;

гадзінніка не мае, а час знае. /Певень/

 

Народныя песні

 

Хаўтурнае галашэнне, запісанае ад А.Кавалёвай

Татачка мой любенькі,

Татачка мой даражэнькі,

А каму ты мяне пакінуў

сіротачку адну?

А каму ж я цяпер галовачку прыхіну,

мой татачка?

А што ж мне цяпер дзелаць без цябе?

Куды ж мне цяпер адной,

А куды ж мне цяпер кідацца?

Мне ж ніхто нічоганька не

памагае.

А каго ж не пайду прасіць,

Ды ўсе выганяюць мяне з

хатанькі.

Татачка мой любенькі,

Татачка мой родненькі,

А вазьмі ж мяне хутчэй з сабой.

А Божа ж мой, Божачка,

А што ж мне цяпер дзелаць без

цябе?  

Песня «Вецер вее»

Вецер вее,ой, вецер вее,

Ой, вецер павявае.

Маць у дачкі, ой,  маць у дачкі

Пра жыццё пытае

Ў шэрае ўці.

Пытай маці, ой, пытай маці,

Шэра ўця, ой, шэра ўця,

Ой, на моры начуе,

Ой, яна маё ўсё горачка чуе.

Перва гора – дзіця малое,

Друга гора – свякрова ліхая.

Трэця гора – мяне муж пакідае.

Сам ён едзіць, ой, сам ён едзіць

У чыста поле араці,

Мяне бярэ валоў падганяці.

Валы мае, ой, валы мае,

Ой, валы палявыя,

Прайшлі мае, ой, прайшлі мае,

Ой, гады маладыя.  

Пойдзем, пойдзем лугам

 

1.     Пойдзем, пойдзем лугам,

Лугам зеляненькім,

А ў лузе цвітуць цвяточкі,

Там дзяўчаты ходзяць да ночкі.

2.     Многа песень спета

Пра шчодрае лета.

Толькі Ганначка не спявае,

У буйных травах кветкі збірае.

3.     Кветачкі збірае,

У вяночак звівае:

-Пакацісь,вяночак,у дварочак,

Дзе жыве мой мілы дружочак.

4.     Хай ён знае, знае

Хто яго чакае.

Хай вячэрняй роснай парою

У луг зялёны прыйдзе за мною.  

Кумачкі - галубачкі  

(кожныя 2 радкі паўтараюцца 2 разы )

Ой, кумачкі - галубачкі,

Падружкі мае,

Як пойдзіця ў сад зялены,

Гукайця мяне.

Як будзіця кветкі зрываць,

Сарвіця і мне.

Як станіця вянкі звіваць,

Завійця і мой.

Як будзіця па рацэ пускаць,

Пусціця і мой.

Усе вянкі па вадзе плывуць,

А мой патануў.

Усе дружкі з вайны ідуць,

А мой загінуў.  

За лес сонца закацілася.  

За лес сонца закацілася,

Маці ў дочкі загасцілася.

Павяду я сваю мамачку,

Павяду я сваю родную

Ой, за тыя лясы цемныя,

Ой, за тыя рэчкі быстрыя.

Сама стану пад сасонкаю,

Абальюся слязой горькаю.  

Ой, чыя й-то ніва

 

Ой, чыя й то ніва, чые й та пакосы,

Чыя й та дзяўчына распусціла косы.

 

Ясева й то ніва, Ясевы пакосы,

Ясева дзяўчына распусціла косы.

 

Праважала маці сына ў салдаты,

Нялюбу нявестку ў поле жыта жаці.

 

Жала яна жала, жала, выжынала,

Пасрядзіне поля тапалінай стала.

 

Прыйшоў сын дадому, пытаецца ў маці,

Што й та за прычына - расце тапаліна.

 

Не пытайся сыну пра тую прычыну,

Бяры тапор востры, сячы тапаліну.

 

Секануў адзін раз, яна пахілілась,

Секануў другі раз, а йна папрасілась.

 

-Не сячы ты, Ясю, я твая Галіна.

Дробныя лісточкі, бо твая дзяціна.

 

Маці ж мая, маці, што ты нарабіла,

Мы верна кахалі, ты нас разлучыла.  

Пасажу каліну ў полі.

(кожны радок па два разы)

Пасажу каліну ў полі,

Расцвітай, мая каліна, на прыволлі.

 

Зеляней, мая каліна,

Хай любуецца табой ўся даліна.

 

На калінавым кусточку

Распявалі салаўі ўсю ночку.  

Чаму не прыйшоў?  

 

-Чаму не прыйшоў, як месяц узыйшоў,

Калі я чакала?

Ці каня не маў, ці сцежкі не знаў,

Ці маць не пускала?  

 

-I каня я маў, і сцежку я знаў,

I маць пасылала.

Мяншая сястра, гадоў не ўзрасла,

Сядзельца схавала.  

 

Старшая сястра сядзельца знайшла,

Каня асядлала.

-Сядай, мой браток, едзь да дзеўкі той,

Якая чакала.

 

-Чаму не прыйшоў, як месяц узыйшоў,

Калі я чакала?

Ці каня не маў, ці сцежкі не знаў,

Ці маць не пускала?  

 

Ой, да весяліцесь

 

Ой, да весяліцесь, дзеўкі - падружкі,

О-ой, весяліцесь.

Ой, да весяліцесь, дзеўкі - падружкі.

 

Ой да скора - скора к нам весна прідзёт,

О-ой, скора - скора.

Ой да скора - скора к нам весна прідзёт.

 

Ой да разальюцца рэчкі, азёра,

О-ой, разальюцца.

Ой да разальюцца рэчкі, азёра.

 

Ой да расцвітуцца ўсе ў саду цвяты,

О-ой, расцвітуцца.

Ой да расцвітуцца ўсе ў саду цвяты.

 

Ой да па садочку дзеўка гуляла,

О-ой, па садочку.

Ой да па садочку дзеўка гуляла.

 

Ой да сваё гора ў рэчку кідала,

О-ой сваё гора.

Ой да сваё гора ў рэчку кідала.  

Што пад гаем зялёненькім  

Што пад гаем зеляненькім,

Што пад гаем зеляненькім,

Брала ўдоўка лён драбненькі.

А йна брала, выбірала,

Тонкі голас падавала.

Там Васілю сена косіць,

Тонкі голас пераносіць.

Стаў Васіль пытаці ў маці:

-Дазволь маці ўдоўку ўзяці,

Ўдоўка будзе шанаваці.

-Не дазволю ўдоўку браці,

Удоўка ўмее чараваці.  

 

Вясёлая бяседачка

 

Вясёлая бяседачка, дзе мой бацька п’е.

Вясёлая бяседачка, дзе мой родны п’е.

Ён п’ець, ён п’ець, ён гутарыць

За мной паслы шлець,

Па тры паслы, па чатыры

За мной услед ідзець.

За кім, за кім, мая дочанька, замарылася?

За кім, за кім, мая родная, замарылася?

Ці за гусямі, ці за вуцямі, ці за лебядзямі?

Ці за гусямі, ці за вуцямі, ці за лебядзямі?

Замарылася, мой татачка, за дзетачкамі,

Замарылася, мой татачка, за дробненькімі.

Накарміла, напаіла і спаць палажыла,

Накарміла, напаіла і спаць палажыла.

І тады к табе, мой татачка, на бяседу прыйшла,

І тады к табе, мой родненькі, на бяседу прыйшла.

 

Запалю я куль саломы

 

Запалю я куль саломы, пушчу за вадою,

Накажыце майму роду, што я сіратою.

Што я сіратою, сіратою, шчэ й бальшою,

Без бацькі, без маткі.

Толькі ў мяне роду, што родненькі дзядзька.

 

Пусці мяне, мой дзядзечка, на вулку гуляці,

Прыйду к табе, мой дзядзечка, тры дні жыта жаці.

Жыта жала і лён брала, снапоў не вязала.

Любілася, кахалася, а праўды не казала.

Тады буду снапы вязаць, як сонечка ўзойдзе,

Тады буду праўду казаць, як ён мяне возьме.

 

Што ў полі дзерявенька Слабада.

 

Што ў полі дзерявенька Слабада.

У той дзяревне жыла ўдоўка малада.

У той удоўкі доч красавіца была,

Палюбіла маладога паренька,

Вышла замуж за старога старіка.

Не пускае стар на вуліцу гуляць,

А хоць пусціць, сам ў вакошечка глядзіць,

Ці ня буду з сваім прежнім гаварыць.

Пастаяла з сваім прежнім дзін часок,

Нараняла слёз гаручых бел платок.

Рассыпціся мае косы па плячах,

Разлейцеся мае слёзы па лугах.

Аўтэнтычтныя песні ў выкананні Ніны Сямёнаўны Бялугінай

Як у Новых Саматэвічах Саракі (Соракі) спраўляюць ды вясну гукаюць

У беларусаў існуе прыгожае і светлае свята – “Гуканне вясны”. Добра вызначанай даты ў гэтага свята няма, бо гуканне вясны — гэта тыя дні, калі ўжо бачна, што вясна прарываецца, абуджаецца ад зімовага сну. Таму часта свята супадае з прысвяткам “Саракі”, якое паказвае, што прыроднае абуджэнне першымі абвяшчалі птушкі. Яны вярталіся з Вы-Раю і неслі на сваіх крылах вясну. Гэта старажытная традыцыя, прысвечанае вясне, паспяхова аднаўляецца ў аграгарадку Новыя Саматэвічы. Яно ўвасобіла ў сабе як агульнабеларускія рысы, так і мясцовыя асаблівасці, якія надаюць святу непаўторны каларыт.

Тут Саракі (Соракі) спраўляюць весела і незвычайна. Саракі – гэта свята птушак. Выкананне падобнага абраду мела сваёй мэтай наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду і яшчэ пільней угледзецца высока ў неба: ці не ляцяць там нашы сябры –птушкі, якія на сваіх крылах нясуць цяпло. Таму ў гэты дзень ў кожнай хаце выпякаліся “жавароначкі” — булачкі альбо піражкі ў колькасці 40 штук.

Маленькія аднавяскоўцы ў гэты дзень сабіраюцца разам, каб вясну-красну гукаць па звычаях сваіх матуль і бабуль. Яны абходзяць хаты, зычачы здароўя і дабрабыту гаспадарам, а ўзамен атрымоўваюць гасцінцы. Затым з веснавымі песнямі рухаецца вясёлая кагорта дзяцей і падлеткаў па цэнтральнай вуліцы аграгарадка.

– Дазвольце нам вясну гукаці? – пытаюцца дзеці ў аднавяскоўцаў, што трапляюцца насустрач.

– Дазваляем, дзетачкі, дазваляем! – адказваюць людзі.

– Блаславіце нас вясну сустракаці.

– Бласлаўляем, харошыя вы нашы, бласлаўляем!

З песнямі, жартамі, смехам моладзь выходзіць за ваколіцу і накіроўваецца ў бок рэчкі, дзе на высокім беразе Бесядзі праходзяць асноўныя этапы свята. На адным з дрэў загадзя прыладжваюцца вялікія арэлі. Хлопцы разгойдваюць дзяўчат як мага вышэй у паветра, каб такім жа высокім і дужым жыта з пшанічкаю ў гэтым годзе ўрадзілася. Гучным рэхам па лесе разносяцца звонкія песні, звон бубнаў і трашчотак. Дзеці разбіраюць печаных жаўрукоў, падкідваюць іх угору, прыгаворваючы: “Вясна, вясна, падзі сюда…”. Так яны заклікаюць пералётных птушак вяртацца дамоў. Каб было чым птушкам падсілкавацца з дальняй дарогі, астаўляюць на галінках некалькі печаных птушак-галушак. Далей дзяўчынкі і хлапчукі выбіраюць самае прыгожае, галінастае дрэўца і дружна ўпрыгожваюць яго рознакаляровымі стужкамі для таго, каб у гэтым годзе густа цвілі пладовыя дрэвы, каб багатым быў ураджай садавіны.

Заканчваецца свята развядзеннем вогнішча, на якім моладзь “паліць зіму”, каб «вясну пагрэць». Вакол вогнішча хлопцы і дзяўчаты ладзяць танцы, скокі, спяваюць песні, водзяць карагоды.