|
Прывабліваў будынак нашай роднай школы, |
|
Яна раней у нас драўлянаю была, |
|
Прытулак радасны, цікавы і вясёлы… |
|
У шлях жыццёвы многіх нас вяла. |
Гісторыя Саматэвіцкай школы пачалася ў далёкім 1864 годзе
адкрыццём народнага вучылішча, якое размяшчалася ў грамадскім доме. На
ўтрыманне вучылішча штогод адпускалася 100 рублёў з дзяржаўнага казначэйства,
50 рублёў ад землеўладальніка Дзмітрыя Станіслававіча Галынскага і 69 рублёў 62
капейкі ад мясцовага сялянства. Тут вучыліся толькі хлопчыкі. Настаўніца
вучылішча – Еўдакія Дармідонтаўна Даўгапохава. Законавучыцель – Якаў Пятровіч
Рыжкоў. У 1889 годзе тут налічвалася
54 вучні.
“...У памятнай
кніжцы Віленскай вучэбнай акругі ёсць звесткі аб тым, што ў 1918 годзе ў
мястэчку была адкрыта адзіная працоўная школа 2-й ступені. Пад
школу быў прыстасаваны памешчыцкі дом з мезанінам, пабудаваны ў 1824 годзе. У
1923 годзе школа была пераўтворана ў доследна-паказальную з сельскагаспадарчым
ухілам. Яна абслугоўвала мястэчка і сяло Саматэвічы, вёскі Зялёнкавічы,
Кісялёўка, Касцягоўшчына і іншыя, а таксама рад вёсак Заборскай, Касцюковіцкай
і Брацькавіцкай воласцей. У 1923-1924 навучальным годзе ў ёй навучаліся 124 вучні, з іх 76 хлопчыкаў і 48 дзяўчынак,
закончылі школу 22 вучні...” (Дадзеныя прыведзены з архіва ўпраўлення
пры Савеце Міністраў БССР).
У 1918 годзе ў
Саматэвічах была адкрыта школа 1-й ступені, а ў 1924 годзе яна была ператворана
ў сямігадовую. У 1927 годзе тут навучаўся 321 вучань. У 1928 годзе ў школе
меліся класы са спецыялізацыяй па пчалярстве. У 1932 годзе пры школе быў
арганізаваны рабфак, у якім вясковая моладзь без адрыву ад вытворчасці
авалодвала асновамі навук.
Школа для таго часу мела нядрэнную
матэрыяльную базу. Ёй былі перададзены жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы
памешчыка, больш як 30 гектараў зямлі, пладовы сад, два кані, сельскагаспадарчы
інвентар. Пры школе быў адкрыт інтэрнат, функцыяніравалі майстэрні, працавалі
вучэбныя кабінеты, якія знаходзіліся
ў некалькіх драўляных будынках. У ліку першых настаўнікаў была дачка былога
памешчыка М.С.Галынская. Яна выкладала замежную мову, гісторыю – Лідзія
Аляксандраўна Сіверская, анатомію – Яўмен Захаравіч Каласоўскі, фізвыхаванне
вёў Іван Афанасавіч Астапенка. Працавалі настаўнікамі С.Т.Сямёнаў,
Е.К.Камароўская, Л.Н.Сямёнава-Юрлова. Прыезд сюды Сцяпана Андрэевіча
Брыльянтава (у 1957 годзе за дасягнутыя поспехі ў развіцці навукі ўзнагароджаны
ордэнам “Знак пашаны”) быў вялікай падзеяй у жыцці школы. Сцяпан Андрэевіч лічыўся
ў той час самым адукаваным чалавекам. Загадчыкам школы быў назначан Іван
Паўлавіч Іваноў, які да таго часу настаўнічаў у вёсцы Відуйцы. Іваноў
нарадзіўся ў Касцюковічах, у сям’і дробнага рамесніка, закончыў вышэйшае
пачатковае вучылішча, служыў у арміі, зарэкамендаваў сябе здольным педагогам і
арганізатарам.
Пасля
заканчэння Рагачоўскага настаўніцкага інстытута ў красавіку 1938 года дырэктарам
сярэдняй школы ў мястэчку Саматэвічы быў прызначаны Кісялёў Рыгор Якаўлевіч. Пасля пасаду дырэктара займалi Фурсаў У.Ф., які за
дасягнутыя поспехі ў развіцці навукі ў1957 годзе быў узнагароджаны медалём “За
працоўную доблесць”, Дуксін Мікалай Паўлавіч (1962-1972), Белянінаў Леў Мінавіч
(1972-1982), Іртоў Уладзімір Якаўлевіч, Шкуратаў Васілій Васільевіч, Койпаш
Станіслаў Браніслававіч, Міхалёў Сяргей Сяргеевіч (1992-2011).
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, навучальны працэс у школе спыніўся. Некаторыя будынкі ўстановы былі спалены. Пасля
вайны ў школе зноў аднаўляюцца заняткі. Умовы навучання былi цяжкiя. Колькасць вучняў павялiчвалася. І ўжо школьныя пакойчыкi
не маглi iх умясцiць.Таму ў 1954?м годзе за сродкі дзяржаўнага бюджэту пры садзеянні
дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Аркадзя Аляксандравіча Куляшова і міністра
культуры, былога дырэктара Саматэвіцкай школы, Рыгора Якаўлевіча Кісялёва ў
вёсцы Саматэвічы была пабудавана новая двухпавярховая цагляная школа. У ёй
навучалася больш за 500 вучняў. На першым паверсе школы праходзілі заняткі, а
другі паверх быў аддадзены пад інтэрнат для дзетак, якія прыходзілі з аддаленных
вёсак: Клеткі, Кісялёўка, Астравок, Слабодка і інш. Заняткі праходзілі ў дзве
змены. З цягам часу сцены і гэтай школы сталі малымі для ўсіх вучняў. Таму ў
1973 годзе была пабудавана новая двухпавярховая школа, у якой навучаліся дзеці старэйшых
класаў (з 5 па 10 класы), а дзеці пачатковых класаў (1-4 кл.) вучыліся ў старым
будынку школы.
У 1978 годзе Саматэвіцкай сярэдняй школе
было прысвоена імя народнага паэта Беларусі А.А. Куляшова.
Праз пяць гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС большасць жыхароў
колішняга сяла Саматэвічы дружна пераехала ў пабудаваны для іх пасёлак побач з
вёскай Ліпаўка Касцюковіцкага раёна – Новыя Саматэвічы. Там жа быў узведзены
сучасны двухпавярховы будынак школы, які адчыніў свае дзверы ў 1992 годзе.
Усё самае новае, лепшае, што ўводзілася ў школьную адукацыю заўсёды
знаходзіла сваё плённае ўвасабленне ў практыцы работы Новасаматэвіцкай сярэдняй
школы. Многа гадоў пры школе паспяхова працуе філіял Касцюковіцкай дзіцячай
школы мастацтваў (адкрыты ў 2002 г.), філіял дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў
(2005 г.). У школе функцыянуе філіял раённага краязнаўчага музея “Літаратурны
музей А.А. Куляшова”, дырэктарам якога з 2006 года працуе Лабынцава Наталля
Міхайлаўна. У 2010 годзе адкрыты
гісторыка-краязнаўчы музей.
Зараз у школе працуюць 22 педагогі. Гэта высокаадукаваны,
высокакваліфікаваны калектыў, які дабіваецца добрых поспехаў у навучанні і
выхаванні сённяшніх навучэнцаў. У
школе створаны ўмовы для атрымання вартаснай адукацыі. Гэта, па-першае,
наяўнасць высокакваліфікаваных педагогаў, па-другое, добрая матэрыяльная база. Гэта
– 14 класаў (кабінетаў), спартыўная зала, актавая зала, бібліятэка, музей,
школьная сталовая, камп’ютарны клас, кабінет для харэаграфіі.
З 15 чэрвеня 2011 года дырэктарам установы з’яўляецца Міхалёва Аксана
Міхайлаўна.
У 2019- 2020 навучальным годзе ў школе навучаюцца 94 вучні. |