Цікавыя факты:
* Маці
Куляшова была беларускай. А вось бацька меў далёкія італьянскія карані. Яго
прадзед – сын арганіста-італьянца.
* Пісаць пачаў
на рускай мове. Тады іх мясцовасць яшчэ ўваходзіла ў склад РСФСР (да 1924
года). Быў час, калі ў яго назбіралася два сшыткі вершаў. Ён аб’яднаў іх назвай:
«Собрание сочинений Кулешова Несчастного».
* У часы
рэпрэсій Аркадзь Аляксандравіч з цяжкасцю пазбегнуў арышту. А пасля вайны
благанадзейнасць паэта была сапсаваная тым, што яго бацька ў часы акупацыі супраць
волі быў выбраны старастам.
* Усведамляючы
сваю трывожную сітуацыю (рэпрэсіі), Аркадзь Куляшоў быў супраць афіцыйнай
рэгістрацыі шлюбу з Ксеніяй Вечар аж да 1951 года, хоць пабраліся яны ў 1935-м.
* Куляшоў
працаваў па 16 гадзін у суткі і прывык да такога рытму жыцця. Таму, калі
адпачываў ад напісання вершаў, рабіў пераклады. Аднойчы рускі паэт Міхаіл
Дудзін на поўным сур’ёзе сказаў Куляшову, што яго пераклад “Яўгенія Анегіна”
лепш за арыгінал.
* Вершы
складаў лежачы. Але запісваў яго толькі тады, калі верш прыйшоў цалкам. Тады
садзіўся за машынку і друкаваў гатовы тэкст.
* Пасля
50-гадовага перапынку, калі Аркадзю Куляшову і Алесі Карыткінай (прататып Алесі
ў вершы “Бывай”), ужо было за шэсцьдзесят, яны дамовіліся сустрэцца. І калі
паэт зазірнуў у акно пошты, дзе была прызначана сустрэча, ён спалохаўся, бо
ўбачыў не юнацкае каханне, а жанчыну свайго ўзросту. І Куляшоў кінуўся наўцёкі.
* Куляшова
вельмі любілі каты і сабакі. У маладосці ён браўся на спрэчку падысці і
пагладзіць самага злога сабаку. Дачка паэта, Валянціна Аркадзьеўна, гаварыла,
што ва ўсіх жывых стварэнняў, што жылі ў іхняй хаце і на дачнай сядзібе, бацька
карыстаўся асаблівым даверам. У 1949 годзе ў іх доме з’явілася вавёрка, якая
кусала ўсіх, хто спрабаваў дакрануцца да яе, і ўрэшце прызнала толькі Куляшова.
Вавёрка жыла ў яго кабінеце ў вялікай клетцы, што стаяла на падлозе каля адной
з кніжных шафаў. У клетцы яна толькі спала, увесь астатні час праводзіла на
свабодзе ў абсягу кабінета. Гаспадар любіў назіраць за вавёркай, але ніколі не
спрабаваў дакрануцца да яе. Можа, якраз таму яна мела давер толькі да яго,
ускокваючы са сваім арэхам на яго плячо, калі Куляшоў садзіўся за стол, каб
пісаць, ці ўладкоўвалася ў яго на грудзях, калі паэт працаваў лежачы. На Нарачы
ў іх жыў певень, які вельмі любіў сядзець на плячы паэта ці галаве – у такіх
выпадках Аркадзь Аляксандравіч пераставаў нават варушыцца, каб выпадкова не
скінуць птушку.
* Дома ў сям’і
Куляшова перад вайной размаўлялі па-беларуску. Пасля вайны больш па-руску.
Дакладней, маці, якая была ў эвакуацыі на Урале, размаўляла на трасянцы. Бацька
свабодна валодаў трыма славянскімі мовамі.
* Аркадзь
Куляшоў быў вялікім аматарам шахмат. У 1946 годзе ён увайшоў у кіраўніцтва адноўленай
пасля вайны шахматна-шашачнай секцыі пры спорткамітэце БССР.
|