Няма на Магілёўшчыне,
бадай, ніводнага раёна, які б, як Касцюкоўшчына, падарыў Беларусі такую вялікую
гвардыю таленавітых паэтаў і пісьменнікаў — Аркадзя Куляшова, Аляксея
Русецкага, Васіля Хомчанку, Івана Чыгрынава, Масея Сяднёва, Сямёна Пацёмкіна, Леаніда
Левановіча, Алеся Пісьмянкова і
інш.
Нездарма менавіта тут,
на Касцюкоўшчыне, традыцыйна ладзіцца прыгожае свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”. Пачыналася свята ў 2002 годзе, калі аматары і
майстры мастацкага слова, у тым ліку і з суседніх раёнаў, чыталі свае вершы са
сцэны раённага
Цэнтра культуры. Мерапрыемства называлася тады "Крыніцы душы".
Апошнім разам у ім браў удзел наш зямляк Алесь Пісьмянкоў. Тады ніхто не ведаў,
што наступным разам гэтыя сустрэчы будуць прысвечаны яго памяці...
Праз два гады Алеся не стала. Аддаючы даніну памяці песняру роднага краю свята паэзіі
стала праходзіць штогод. Гэта мерапрыемства праводзілася ў дзень нараджэння
паэта – 25 лютага. У 2007 годзе ў гонар 50-годдзя паэта свята адбылося пад
назвай «Зорка, імя якой Алесь, збірае сяброў». Праз год свята паэзіі атрымала
новую назву «Белы бусел над Бесяддзю».
У 2009 годзе, калі адзначалася 95-годдзе з Дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова свята паэзіі пашырыла свае межы
— у яго рамках загучала аўтарская песня.
У 2011 годзе свята перанеслася
на малую радзіму Алеся Пісьмянкова
— вёску Бялынкавічы. I праходзіла яно на маляўнічым беразе ракі Бесядзь,
лукавіна якой выгінаецца тут падковай на месцы, якое так і завуць у народзе — “Пісьмянкоў
луг”.
У 2012 годзе на
пляцоўцы свята быў адкрыты памятны знак "Гісторыка-культурны аб'ект
"Пісьмянкоў луг" (камень вагой 22 тоны з памятнай плітой),
устаноўлены альтанкі.
Удзел у свяце прымаюць
прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і раёна, паэты і выканаўцы не толькі з
Магілёўскай вобласці, але і ўсіх абласцей Беларусі, а таксама паэты суседніх
раёнаў Бранскай і Смаленскай абласцей Расіі. Ганаровыя госці свята – родныя і
сябры нашых знакамітых паэтаў і пісьменнікаў – унук народнага паэта Беларусі
Аркадзя Куляшова Уладзімір Хрыставіч Бербераў, сын Аляксея Русецкага Уладзімір
Аляксеевіч Бурдзялёў, жонка Алеся Пісьмянкова Алена Рыгораўна, яго сыны Максім
і Аляксей, брат Алеся Мікалай Уладзіміравіч, пісьменнікі-землякі Віктар Патапенка і Аляксандр Бардоўскі, сябры Алеся
- беларускія пісьменнікі Анатоль Зэкаў, Уладзімір Ягоўдзік і Васіль Ткачоў.
З мая 2014 года да свята паэзіі і
аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” далучаюцца
новыя імёны: вядомы беларускі
пісьменнік, Ганаровы грамадзянін г.Касцюковічы Леанід Кірэевіч Левановіч,
зямляк, уражэнец вёскі Бялынкавічы, доктар філалагічных навук, прафесар Іван
Васільевіч Саверчанка, пляменнік Аркадзя Куляшова Віталь Іванавіч Маслоўскі,
Аляксей Нежавец – кіраўнік Клуба аўтарскай песні і паэзіі г.Мінска, бард,
музыкант, Васіль Аляксандравіч Шырко – галоўны рэдактар часопіса “Белая
вежа”, Яраслаў Іванавіч Клімуць – дацэнт
кафедры агульнага англійскага і славянскага мовазнаўства і Віталь Іванавіч
Еўмянькоў – дацэнт кафедры журналістыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя А.Куляшова, удзельнікі літаратурнага клуба “Вдохновение” з г.п. Ершычы
Смаленскай вобласці Расіі, паэты і празаікі, члены Магілёўскага аддзялення
грамадскага аб’яднання “Саюз
пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Уладзіміравіч Дуктаў, Віктар Іванавіч
Кунцэвіч, Аляксандр Іванавіч Церахаў, Аляксандр Пятровіч Косцераў, Мікалай
Іванавіч Салаўцоў, Віктар Іванавіч Арцемьеў, Мікалай Уладзіміравіч Леўчанка. У
2016 годзе - члены Саюза пісьменнікаў Беларусі паэты-землякі Тамара
Мітрафанаўна Ляліхава і Наталля Пятроўна Азаранка.
Да свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” Магілёўскай абласной
арганізацыяй Саюза пісьменнікаў Беларусі была зацверджана Літаратурная прэмія
імя Алеся Пісьмянкова. Упершыню яна была ўручана на свяце паэту, пісьменніку,
галоўнаму рэдактару Быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя” Міколу
Леўчанку, уражэнцу Касцюковіцкага раёна.
У рамках свята ладзяцца: конкурс паэзіі; конкурс аўтарскай песні; конкурс
выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; конкурс літаратурных выстаў.
Акрамя таго, ладзяцца паэтычныя чытанні, святочныя канцэрты,
танцавальна-гульнявыя праграмы, выставы - продажы літаратуры, вырабаў майстроў
дэкаратыўна – прыкладнога мастацтва, творчыя сустрэчы і інш.
Свята паэзіі і аўтарскай
песні “Пісьмянкоў луг” садзейнічае папулярызыцыі творчасці паэтаў – землякоў не
толькі Касцюкоўшчыны, але і іншых раёнаў вобласці, адкрывае новыя імёны,
садзейнічае папулярызацыі духоўнай і матэрыяльнай культуры, арганізацыі вольнага часу насельніцтва.