Адзін раз у два гады на Касцюкоўшчыне праводзіцца рэгіянальны фестываль
паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Фестываль праводзіцца з мэтай захавання і прымнажэння нацыянальнай
культурнай спадчыны, выяўлення новых імёнаў паэтаў і самадзейных аўтараў,
павышэння ўзроўню паэтычнага і выканаўчага майстэрства, удасканалення
эстэтычнага і мастацкага выхавання і арганізацыі вольнага часу насельніцтва,
пашырэння творчых кантактаў і культурных сувязяў.
Заснавальнікам і арганізатарам свята з’яўляецца Касцюковіцкі
раённы выканаўчы камітэт.
Удзел у фестывалі прымаюць прадстаўнікі кіраўніцтва
вобласці і раёна, паэты і выканаўцы не толькі з Магілёўскай вобласці, але і з
усіх абласцей Беларусі, а таксама паэты суседніх раёнаў Бранскай і Смаленскай
абласцей Расіі.
Ганаровымі гасцямі свята з’яўляюцца родныя і сваякі знакамітых паэтаў і пісьменнікаў-землякоў. За
час існавання свята на Касцюковіцкай зямлі пабывалі: унук Аркадзя Куляшова
Уладзімір Хрыставіч Бербераў, сын Аляксея Русецкага Уладзімір Бурдзялёў, жонка
Алеся Пісьмянкова Алена Рыгораўна, яго сыны Максім і Аляксей, брат Алеся
Пісьмянкова Мікалай Уладзіміравіч Пісьмянкоў, пісьменнікі-землякі Віктар Патапенка і Аляксандр Бардоўскі, сябры Алеся
- беларускія пісьменнікі Анатоль Зэкаў, Уладзімір Ягоўдзік і Васіль Ткачоў.
З 2014 года да свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў
луг” далучаюцца новыя імёны: вядомы беларускі пісьменнік, Ганаровы грамадзянін
г.Касцюковічы Леанід Кірэевіч Левановіч, зямляк, ураджэнец вёскі Бялынкавічы,
доктар філалагічных навук, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка, пляменнік
Аркадзя Куляшова Віталь Іванавіч Маслоўскі, Аляксей Нежавец – кіраўнік Клуба
аўтарскай песні і паэзіі г.Мінска, бард, музыкант, Васіль Аляксандравіч Шырко –
галоўны рэдактар часопіса “Белая вежа”, Максім – сын паэта-земляка Алеся
Пісьмянкова, Яраслаў Іванавіч Клімуць – дацэнт кафедры агульнага англійскага і
славянскага мовазнаўства і Віталь Іванавіч Еўмянькоў – дацэнт кафедры
журналістыкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова, удзельнікі
літаратурнага клуба “Вдохновение” з г.п. Ершычы Смаленскай вобласці Расіі,
паэты і празаікі, члены Магілёўскага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір
Уладзіміравіч Дуктаў, Віктар Іванавіч Кунцэвіч, Аляксандр Іванавіч Церахаў,
Аляксандр Пятровіч Косцераў, Мікалай Іванавіч Салаўцоў, Віктар Іванавіч
Арцемьеў, Мікалай Уладзіміравіч Леўчанка. У 2016 годзе - члены Саюза пісьменнікаў Беларусі
паэты-землякі Тамара Мітрафанаўна Ляліхава і Наталля Пятроўна Азаранка.
Да свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”
Магілёўскай абласной арганізацыяй Саюза пісьменнікаў Беларусі была зацверджана
Літаратурная прэмія імя Алеся Пісьмянкова. Упершыню яна была ўручана на свяце
паэту, пісьменніку, галоўнаму рэдактару Быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”
Міколу Леўчанку, ураджэнцу Касцюковіцкага раёна.
Свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” уключае ў
сябе шмат напрамкаў. Гэта не толькі конкурс маладых паэтаў Магілёўшчыны і
бардаў, гэта тэматычныя і літаратурныя выставы, выстава майстроў дэкаратыўна-прыкладнога
мастацтва, тэатральныя сустрэчы і літаратурныя чытанні, канцэрты фальклорных і
вакальных калектываў.
У рамках свята праводзяцца:
- конкурс паэзіі сярод самадзейных паэтаў;
- конкурс аўтарскай песні сярод аўтараў вершаў і музыкі,
аўтараў-выканаўцаў уласных твораў, выканаўцаў песень мясцовых аўтараў – салісты, дуэты, трыа, квартэты, ансамблі;
- конкурс выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога
мастацтва;
- конкурс літаратурных выстаў бібліятэк “Літаратурнае
падарожжа па старонках пісьменства роднага краю”.
Акрамя таго, ладзяцца паэтычныя чытанні, святочныя
канцэрты, танцавальна-гульнёвыя
праграмы, выставы-продажы літаратуры, вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладнога
мастацтва і вырабаў выяўленчага мастацтва, праходзяць творчыя сустрэчы і інш.
Свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”
садзейнічае папулярызыцыі творчасці паэтаў не толькі Касцюкоўшчыны, але і іншых раёнаў вобласці, адкрывае новыя імёны, садзейнічае
папулярызацыі духоўнай і матэрыяльнай культуры, арганізацыі вольнага часу насельніцтва.