Вершы-прысвячэнні

Зборнік вершаў прысвечаны памяці выдатнага пісьменніка-земляка Алеся Пісьмянкова. Матэрыялы зборніка - жывое і яркае слова сучаснікаў пра А. Пісьмянкова, у ліку якіх многія вядомыя пісьменнікі, знаёмяць чытача з жыццём паэта, ўводзяць у творчую лабараторыю пісьменніка.

 

Мікола Леўчанка

Памяці А. Пісьмянкова

 

Цеплыня i прыязнасць радкоў,

Непаўторнасць мастацкага слова,

Так пicaў толькі ён, Пісьмянкоў,

Так гучала ягоная мова.

 

Мова прашчураў, мова бацькоў

Невычэрпная наша крыніца.

Цягне пщь да яе землякоў,

А яны ўсё не могуць напіцца.

 

Гэткай чыстай, гаючай вады,

Смачнай вельмі, да болю прыемнай,

Ад якой мы пазбеглі бяды,

Што вужакай паўзла патаемнай.

 

Ен не стрэнецца больш з землякамі

На парозе нi вёснаў, ні зім...

Ды Алесь па-ранейшаму з намі,

I заўсёды — у сэрцы маім.

 

Аляксандр Бардоўскі

Бывай, Алесь...

Памяці  Алеся Пісъмянкова

 

Над ракою плачуць вербы —

Хто б падумау аб бядзе —

Слёзы капаюць у неба,

Патануўшы у вадзе.

Цягніка гудок за лесам

Прастагнаў аб тым, відаць,

Што не стрэцца больш з Алесем,

Зоры болей не чытаць...

 

Ён не прыйдзе, ён не ўстане,

Не раскажа, што было...

Толькі шрамаў ад кахання

Быць на сэрцы не магло...

Ад нягоды, непакою

Ён яго параніў дзесь...

Плачуць вербы над ракою...

Вось i усё... Бывай, Алесь...

 

Памяці Алеся Пісьмянкова

 

У роспачы, у скрусе

Кранае ветрык скронь —

На Пісьмянковым лузе

Чужы пасецца конь.

Чужыя людзі ў хаце,

Чужыя, не сыны.

А бацька побач з маці

На могілках яны.

А сын далёка дзесьці

Там, дзе свае крыжы...

Куды ж прыедуць дзеці,

Як дзедаў дом — чужы?

I хлапчукам вясковым

Не чутны гэты боль —

На лузе Пісьмянковым

Чужы пасецца конь...

 

*********************

 

Назаўсёды адданы слову,

У Прыбяседдзі знайшоў паэт

I ў нябёсы шпурнуў падкову,

Каб шчаслівым стаў цэлы свет.

Ды шчаслівымі людзі не сталі

I цураліся родных слоў,

I валун на тым лузе паклалі,

Дзе падкову паэт знайшоў...

А валун той — вялікі, шэры,

 Быццам з іншага свету ён —

Быццам сімвал нязгаснай веры

У непазбежнасць шчаслівых дзён.

 

*********************

 

Па-над Бесяддзю кружыць бусел

У чаканні жаданай стрэчы.

Мо Алесь Пісьмянкоў вярнуўся

Думаць вершы над плыткай рэчкай?

Можа, сум па радзіме гоіць

Лiк згубіўшы сваім намерам,

I каня, як калісьці,поіць

Там, дзе бераг прапах аерам...

А мінулае ўжо не ўскрэсне...

Можа, час i надыдзе лепшы,

Ды пяюць там другія пecнi

I чытаюць другія вершы.

А мінулае не закрэслщь,

Не забыць гэты край апеты...

На вяртанне кідаю ў Бесядзь

Я рамонкі, нібы манеты...

 

Мікола Салаўцоў

Луг паэта Пісьмянкова


Я бачыў шмат лугоў агністых,
На кветках – пчолак і шмялёў,
А Пісьмянкова луг квяцісты -
Мне даражэй за ўсіх лугоў!
Ён нам дае натхнення Ліру,
Парнасны старт для ўсіх надзей…
Я – Беларус! Я – голуб міру,
Я – ўдзельнік шоўкавых ідэй…
Я – патрыёт сваёй Радзімы -
Яе люблю, як родны брат,
Кітайскі пояс –шлях адзіны-
Да шчасця новы далягляд…
Яго я слаўлю творчым словам,
І пераможны слаўлю Май…
Квітней ярчэй Луг Пісьмянкова,
Наш беларускі родны край!

 

Пісьмянкоў луг


Штогод нас на свяце Паэзіі ў лузе
З усмешкай страчае Алесь Пісьмянкоў,
А побач з паэтам у творчым Саюзе
Стаіць у абдымках Аркадзь Куляшоў…
Яны нам сягоння ўсміхаюцца міла,
Хоць розніца ёсць паміж імі ў гадах…
Іх
  рэчанька Бесядзь навек парадніла,
І плынню бурлівай акрэсліла шлях…
Гляджу я на луг Пісьмянкоўскі, квяцісты,
Што тэмы для вершаў яму дараваў…
І сам зараджаюся ямбам агністым,
Як п”ю я настой з яго лекавых траў!...

 

Леў Белянінаў

Памяці Алеся Пісьмянкова

 

Не магу я згадзіцца, паверце,

Што Алеся няма сярод нас.

                      Хто ж дазволіў драпежніцы - смерці

Земляку скараціць творчы час?

З ім заўсёды чакалі сустрэчы

Мы і ўзімку, і ўлетку - заўжды.

Сустракаліся часта... Дарэчы,

У апошнія болей гады.

Свае новыя вершы заўсёды

Ён чытаў нам ад шчырай душы

І прасіў нібы нашае згоды:

“Так пісаць?” Мы ж казалі: Пішы”.

Яго позірк, нібыта дзіцячы,

І па сённяшні дзень паўстае.

Яго творы нібы - справаздачы,

Яны з намі - яго не стае.

Ёсць Бялынкавічы, ёсць і Бесядзь,

Белы Камень і Вішні, Журбін,

Што ў творах яго зорна свецяць,

Нагадаюцца, як успамін.

Па-зямляцку скажу: не забудзем

Мы Алеся - ён варты таго.

І нашчадкаў сваіх вучыць будзем

Мы на творах паэта свайго.

 

Наталля Азаранка

Алесю Пісьмянкову

 

Вясна прыходзіць зноў з мастацкім словам,

Натхненннем новым крочыць па жыцці.

Дзе Бесядзь чыстай срэбнаю падковай

Зямліцу абдымае ў забыцці…

 

Невыпадкова – па жаданні лёсу

Яе знайшоў Алесь тут у расе

І думкай вершаванай у нябёсы,

Ён шпурлянуў: “Шчаслівы будзьце ўсе!”

 

Спяшаўся… парыбачыць зноў на Бесядзь,

Ды зоры прачытаць у вышыні

Сюды, дамоў, праз год, праз два, праз десяць!

Натхніцца пахам скошанай травы!..

 

Сюды прыйшоўшы у самоце, у скрусе,

Сябе адчуеш быццам бы ў раю…

І нездарма на Пісьмянковым лузе

Я, сёння, песню памяці пяю:

 

Бо вельмі просты верш яго, ўзнеслы:

- Я не памру датуль, пакуль люблю!

Лёс аблачынай белай у нябёсы

Яго жыццё падковай шпурлянуў.

 

Памяці Алеся Пісьмянкова

 

Цяпер не плачуць зорныя нябёсы,

Іх таямніцы прачытаў паэт.

Яго пагляд прыгожы і ўзнёслы

Мастак умела перанёс у партрэт.

 

Дзе берагі пясчаныя вартуюць

Яго падковы срэбранае шкло,

Там, сенажаці шчодрыя сумуюць -

Яго душы адвечнае жытло.

 

Узняўшысь белым буслам у аблокі

Ён жыў на гэтым свеце не дарма.

Таленавіты, шчодры, яснавокі

У промнях сонца светлае імя.

 

Алесяў сад сягодня салаўіны -

У ім сее вершы зорны снегапад.

Запросіць зноў сяброў на імяніны

Ды сам, на жаль, не вернецца назад.

 

Убрана шэранем зімовае ўзлессе,

Цямнее над зямлёй нябесны дах.

Ды ярка ззяе, зорачка Алеся,

Паэтам асвячае творчы шлях!

 

Памяці Алеся Пісьмянкова

Музыка Д.Леаненкі

 

Марозны ранак на ўзлессі

Засыпаў Бесядзь снегапад,

Жывая памяць аб Алесі,

Жывая памяць аб Алесі,

Ды ен не вернецца назад!

І стыне  след на белым снезе,

Рабіны ды каліны ў рад….

Жывая памяць аб Алесі,

Жывая памяць аб Алесі,

Ды ен не вернецца назад!

Чытаем зоры ў паднябессі,

Як вершаў яркі снегапад…

Жывая памяць аб Алесі,

Жывая памяць аб Алесі,

Ды ен не вернецца назад!

Яго жыццё, падобна вершу!

Паэзія – вясновы сад!

Ён не апошні і не першы,

Ён не апошні і не першы,

Хто ў вершах вернецца назад!

 

Памяці паэта

 

Разбіўся аб зямное прыцягненне

І, страціўшы, натхнення ціхі Рай,

Узмыў у блакітны занябесны край, 

Пакінуў нізку каляровых ценяў.

 

Хто больш адданы так зямлі маёй!

Не, больш не будзе мастака такога!

Жыў чалавек, пацалаваны Богам,

З блакітнай беларускаю крывей.

 

Аб шчырасці яго і чысціні

Зноў пагалоска  паляціць па ветры.

Даруй, Паэт, я дыхаю паветрам,

Якім не мог надыхацца і Ты.

 

Ён быў, напэўна, самы лепшы з нас!

Чытаю сення Вашы вершы, нібы зоры –

Уражваюць душы яго узоры,

Узняўся Ён высока, на Парнас!

 

Радкі яго да глыбіні кранаюць,

І лечаць душу, й на кавалкі рвуць…

Паэты, кажуць, доўга не жывуць,

Але ж, вядома, і не паміраюць ...

 

Просты, шчыры

Памяці Алеся Пісьмянкова

 

Яснавокі, прыгожы, бялёсы...

Срэбра чыстых крыніц у душы.

Быў падобны на светлыя вёсны,

Ён з Радзімаю ў сэрцы пражыў.

Лёгкакрылыя белыя буслы,

Кветкавей, салавей, снегавей

Паланілі і розум, і вусны,

Чуў ён шэпат блакітных завей.

Песняра нам дало Прыбяседдзе

Меў ён сілу жытнёвых палёў

Быў ён блізкі чужым і суседзям,

Просты, шчыры,Алесь Пісьмянкоў!

Нам знаёмствам не грэх ганарыцца,

Ён быў талент, запал і спакой.

Дзесьці ў шумнай, прывабнай сталіцы

Помніў ён пра сваіх землякоў

Яму зоры вянок завівалі

I па Бесядзі ноччу плылі...

Гэта светлая памяць, святая

Не загіне на роднай зямлі.

 

Віталіна Петрусевіч

Санет

Алесю Пісьмянкову

 

Тваімі вершамі наш край сагрэты:

I Бесядзь, і палеткі, і лясы.

Мы будзем помніць шчырыя сакрэты

Тваёй любві да гілуга і касы.

 

Не забыць тваё цёплае лета

I продкаў родных галасы.

Мядовы пах прыгожых кветак

I шоргат бацькавай касы.

 

Імчыцца час імкліва і няспынна,

I мы ўсе ўспамінаць павінны

Тваю любоў да матчынай зямлі.

 

Паэтавы нашчадкі каб нанова

Апець зямліцу родную змаглі,

Жыві заўжды, планета Пісьмянкова.

 

 

Раман Валодчанка

Бесядзь

 

Бесядзь - тонкая жылачка

На скроні матулі-зямлі,

А якая ў ёй сілачка!

Якія паэты ўзраслі!

 

Тут змяраў сваё рэчышча,

Легендарны паэт Куляшоў.

А яна ўсё цячэ яшчэ                  

I люляе паэтаў ізноў.

 

Вось і сёння той бусел

Шукае ў расе ля вады,

Дзе падзеліся ў скрусе

Пісьмянкова-паэта сляды.

 

Ён сааўтар маўклівы              

Шчырай творчасці земляка.

Бусел, бусел... Імкліва

Прабягае ўнізе рака.

 

Ды не могуць так проста

Абрывацца шляхі спевакоў.

Вы не верце пагостам,

Вось зірніце: ідзе Пісьмянкоў.

 

I панесліся рэхам,

Загучалі мелодыі слоў.

- Добры дзень рэчцы, стрэхам!

Кліча луг паэтычны сяброў.

 

Кацярына Елісеенка

Луг паэта

 

Луг паэта поўны траў.

На жалейцы ветрык йграў

І аб праўдзе, і аб волі

І аб горкай нашай долі…

Луг паэта каля рэчкі,

Дзе вядзе ён з лесам спрэчкі:

Хто каго перажыве?

Вершы я? Ці верш мяне?

Луг паэта ў рамонках,

У васільках, бярозкахтонкіх…

Б’юцьзваны старой царквы

Людзі, ці прачнёмся мы?

Ці пачуем яго слова

Ў цішыні лясоў сасновых…

Заклікаў любіць зямлю,

Не чужыну, а сваю…

Зіхаціць раса на лузе,

Каля рэчкі белы бусел,

І няхай няма паэта…

Яго луг заўсёды ў кветках…

 

Наталля Дробышава

Не знікай

 

І

Думаў вершы свае ў дзіўнай цішыні,

Толькі надта зусім рана з вышыні…

Ты вітаеш крылом бусла песняроў,

Як калісь вітаў на лузе сваякоў.

         І казаў услед свайму сябру:

-         Ну бывай!

Ты ж глядзі, мой брат,

На доўга не знікай!

Пр-еў

Не знікай!

Зашуміць зялёны гай услед –

Не знікай!

Заблішчыць сонца прамень услед –

Не знікай!

Затрымайся хоць на трохі,

Скажуць за цябе аблокі…

Не знікай, не знікай!

ІІ

Не спыняў ты хуткіх крокаў па жыцці,

Задуменна зараз у начной цішы,

Пазбіраў усе зоркі пад сваё крыло,

Не пагасла каб паэтава святло.

         І сказаў святлу ўслед ты:

-         Не знікай!

Шлях паэтаў да нябёсаў

Асвятляй!

 

Віктар Шніп

Балада Алеся Пісьмянкова

 

Ведайце: калі мяне не стане —

Я ў сваю дывізію пайшоў.

Аляксей Пысін

Мы ідзём праз спёку і снягі,

Праз надзею, веру і любоў.

Як раку трымаюць берагі,

Мы жывём душою між сяброў.

 

I ніхто не ведае, хто з нас

Першым скажа вечнае: "Бывай..."

Нібы смерць, ляціць за намі час,

Як жыццё, прад намі родны край.

 

Ты гаворыш: "Будзем доўга жыць,

Як жывуць надзея і любоў..."

Ды за намі, як трава, крыжы

Прабіваюцца з зямлі сярод крыжоў.

 

Нечаканасць, як агонь, як стрэл,

Праз цябе — і ўжо цябе няма,

Толькі дождж і кветкі на дварэ,

Холад, бы вярнулася зіма.

 

На пытанне, што гучыць прыцішана:

"Дзе паэт? Дзе Саша Пісьмянкоў?"

Чуецца з нябёс узвышана:

"Ён да Аляксея Пысіна

У яго дывізію пайшоў..."

 

Памяці Алеся Пісьмянкова

 

Цяпер нябёсы, нібы шкло, між намі,

Дзе зоры — залатыя матылі,

Якія толькі лётаюць начамі,

Як да агню, імкнуцца да зямлі.

 

I ўжо нікому не сказаць нічога,

I ўжо нічога болей не пачуць,

I Млечны Шлях, нібыта шлях да Бога,

Дзе нашы душы плачуць і пяюць.

 

I ноч міне, і новы дзень пачнецца,

I будзе ўсё, нібыта як было.

Мая ж душа, як птушка, зноўку б'ецца

Аб неба і самоту як аб шкло...

 

Іван Карэнда

Запозненыя кветкі

 

Паэты паміраюць

без пары.

Раптоўна, нечакана

і заўчасна.

Такая доля —

сведчаць дактары — Іх сэрцы разрываюцца

на часткі.

 

Свет пакідаюць рана

песняры

Зямной красы, любові

і надзеі,

Трывог, бяды

і гора званары,

Нястомныя рупліўцы-

дабрадзеі.

 

Бясстрашныя спрадвеку

ваяры

На полі ратным пры любой

уладзе,

Паэты паміраюць

без пары,

Ратуючы планету

ад бязладдзя.

 

Калі віхураць чорныя віры,

Спраўляе баль нахабная

мярзота,

Паэты не хаваюцца

ў нары,

А першымі кідаюцца

на дзоты.

 

Не падхалімы

і не гандляры

Сяброўствам, гонарам,

сумленнем...

...Запозненыя кветкі

на жвіры

Не гояць раны, не даюць

збавення..

 

Паэты паміраюць

без пары.

Яны — святыя вартавыя

часу...

...Шчыруйце на іх ніве,

друкары,

Каб свет засеяць дабрынёй

і шчасцем!

 

Уладзімір Мазго

Памяці Алеся Пісьмянкова

 

Ну наплач мне, неба, лужу,

Каб пабегчы басанож!

Алесь Пісьмянкоў

Плача неба...

Плача дождж...

На магіле

мокне глеба.

А душа ўжо

Басанож

Па зямлі бяжыць

на неба.

Столькі слёз

наплакаў дождж,

Што ўсё неба —

быццам лужа,

У якое

басанож

Скачуць шмат

разутых душаў.

 

Мікола Шабовіч

На развітанне

з Алесем Пісьмянковым

 

...I заплакала неба,

як ты адляцеў нібы птах,

У заўчасны свой вырай,

Адкуль немагчыма вярнуцца.

Быў да болю кароткі

твой лесам адмераны шлях.

Ты нібыта заснуў,

толькі сілы не маеш прачнуцца.

Ты сябе не бярог,

быў адданы бацькоўскай зямлі,

Ты радком спавядаў чысціню,

дабрыню, чалавечнасць.

Ты прабач, калі мы цябе не збераглі.

Нам сказаў: "Не знікай..." —

сам жа знічкай знікаеш у Вечнасць.

 

Аксана Камінская

 

Крыж — нібы маўклівы

некралог

Кветкі — на грудок

незатравелы.

Нават красавік тады не мог

Заглушыць сваю бяду залевай.

 

Строфы недапісаных радкоў

Хай буслы над Бесяддзю

завершаць,

А святой Кальварыі спакой

Хай не перашкодзіць

думаць вершы.

 

Эдуард Акулін

Думаеш вершы...

Я не памру, пакуль люблю...
Алесь Пісьмянкоў

 

Я не веру, што адлюбіў 
Я не веру што ты памёр... 
Белым камнем у сіні вір 
тваё сэрца ляціць да зор.

Толькі ты іх умеў чытаць 
і Планіду пісаў як мог... 
Буду ў госці цябе чакаць 
у Нямках — як адпусціць Бог.

Ты ж казаў мне заўжды:
— Браток, 
у нас рэчка з табой адна. 
Мы — радзімічы,
наш выток — 
ад радзінных крыніц святла.

А на Бесядзі — ой, разліў! 
Не было шчэ такіх, Алесь. 
Я не веру, што адлюбіў, —
проста думаеш вершы дзесь...

 

Павел Саковіч

Алесю Пісьмянкову.
Яшчэ жывому.
 
Заўжды жывому

 

Крылатыя вершы
і думкі твае, 
А голас на плошчу
на волю імкнецца. 
Хоць ён да аблокаў
нябёс дастае, 
Пачуйце, як сэрца
паэтава б'ецца!

Ад шчасця і прагі
любіць і тварыць 
На сцэне, здаецца,
якраз разарвецца. 
Ажно мікрафон
захлынуўся — фаніць.. 
I вось ва ўнісон
б'ецца тысяча сэрцаў!

Як быццам ударылі
храмы ў званы, 
Якія то радасць,
то сум навяваюць... 
А там, на радзіме,
салоўкі з вясны 
На вершы Алесевы
песні спяваюць.

 

Самотны верш

Светлой памяці 
Алеся Пісьмянкова

 

Не пацячэ назад рачулка, 
Ды раптам запаволіць плынь. 
I гай працяглым стогнам гулкім 
Сустрэне горшую з навін.

Асірацела рэчка Бесядзь, 
I родны край знямеў, прыціх. 
Блукае толькі рэха дзесьці 
Алесева ў лясах грыбных.

Прысуд заўчасны і суровы — 
Плыць Стыксам, мёртваю ракой, 
Але душа яго і слова 
Зліліся з Бесяддзю жывой.

Што сэрцу міла, ім апета 
3 любоўю шчырай назаўжды. 
А песня ўсё ж яго не спета, 
Пакуль яна з таго Сусвету 
Гучыць праз межы нематы.

 

Васіль Зуёнак

Алесю Пісьмянкову

 

А было такое: 
Лета ў звон гуло, 
Бесяддзю-ракою 
Да Сажа плыло.

Спрыту не хавалі — 
Пад узмах рукі 
"На сажонкі" хвалю
Бралі хлапчукі.

Сох пракос сажнёвы,—
Водар мурагоў 
Аж да Магілёва 
Далятаў з лугоў.

Зверху ж, у нябёсах, 
Клопаты свае: 
Дождж перапялёсы 
Сыпануць ці не?

Колераў сем столак 
Гром у пас звязаў — 
Беседна вясёлак 
Арэлі разгайдаў...

Сожна і мурожна, 
Мёдна, як з вулля, 
I травінкай кожнай 
Цешыла зямля...

Заблукаўся ў леце 
Пісьмянкова спеў 
Ды і не прыкмеціў 
Як зіму сустрэў.

Бесядзь не ў бяседзе, 
I, нібы ў бярлог, 
Гром старым мядзведзем 
У сумёт залёг.

Ды малюнак строгі — 
Не сваяк нудзе, 
I марозік ногі 
Легка ў лес вядзе.

Ранкам заінелым 
Аж звініць лядок!.. 
Рытмы чорна-бела 
Просяцца ў радок...

Не ляцяць арэлі, 
Чуйна спяць грамы. 
Лета акварэлі... 
Графіка зімы...
23.10.2001

 

Леанід Дранько-Майсюк

 

Мы з Пісьмянковым Алесем 
Неяк сышліся на тым, 
Што золата шлюбу жалезам 
Робіцца не залатым.

Не залатое жалеза — 
Сімвал шчаслівай тугі, 
Тваёй і маёй паэзіі...
Ах, мой Алесь дарагі!

 

Васіль Макарэвіч

3 любоўю i жалем

Светлай памяці 
Алеся Пісьмянкова

 

Ды не! Ён не быў 
Салаўём з салаўёў,
Хоць чулі яго пад Браслаўем і Копысем.
 
Ён паруснік з музай ўпэўнена вёў
 
Між зорных каралаў, без лоцый
 
I компаса.

Стаяў рулявым
Ля стырна ён штодня,
Сабой каранасты, падобны да шкіпера.
I бачыў як бёрнамі цяжка са дна
Каціліся хвалі стагоддзя
У кіпені.

Не згледзеў і сам, 
Як узбор'ем нябёс
Прайшоўся пярун і загрукаў парубшчыкам, 
Каб чыркнуць па сэрцы маланкай наўскос, 
Ды потым адкласціся тоненькім 
Рубчыкам.

Калі ж метэораў
Сплывалі дажджы
I ноччу каметы з пагрозаю зіркалі,
Было хоць у джунглі ад болю збяжы,
Што вочы сляпіў бліскавіцаю
Зыркаю.

Ды што гэты боль!
Для яго — трын-трава!
Ускормлены з бедаў ён вострага кончыка.
Адно толькі сэрца прасіў: патрывай!
Магчыма, пакуты да раніцы
Скончацца!

Быў рады,
Што скарб наш ніхто не размёў 
Хаця і пабыў ён не раз пад паразаю. 
I шчырай любові славянскім вязьмом 
Стаяў ён на ржышчы вякоў 
Падперазаны!

Прыносіў дамоў
Ён радок, як трафей,
Апераны сілай і жывасцю птахавай.
Ды водгалас чуўся і ў жытняй страфе
Журлівай, бы кнігаўкі плач,
Эпітафіі.

Насіў пахвалу, 
Як чужую скулу.
I з жалем глядзеў на прарокаў і скептыкаў. 
I раптам аб зоркую — з лёту! — скалу! 
I паруснік з музай — на друзкі 
3 аскепкамі…

Аб века
Грукочаць зямлі камякі —
Для родных чуць грукат
Не дай жа ты, Божачка! —
Бы ў дзверы малоцяць яго сваякі,—
Ды толькі наўрад ці разбудзяць
Нябожчыка...

 

Браніслаў Спрыпчан

 

Дзе лукавіна, як падкова, 
Звініць і весніцца бруя...
 
Хаджу і зноў за словам 
слова,
Смакую я.

Гамонім, як з жывым,
з паэтам, 
Знікае вечнасці мяжа, 
А азараецца пры гэтым 
Яго душы святлом
адметным
Мая душа.

Калёраў лёгкія адценні, 
Штрых першародны,
трапяткі,
I вабяць тайнай
летуценняў, 
Нібыта зорнае мігценне, 
Яго радкі.

Быў росквіт яркі
ў паўналецці! 
I час, што здолеў ён спыніць 
Сваім пяром, не згіне
ў Леце,
I між людзей на белым свеце 
Ён будзе жыць.

Пераклаў з рускай мовы Васіль Зуёнак

 

Уладзімір Скарынкін

Крынца святла і любові

 

Няма Алеся Пісьмянкова...
Не скажа ён ужо ні слова 
I не напіша ні радка... 
Няма ў мяне больш сябрука, 
Якога я любіў, як брата. 
Нібы прычасце,
быццам свята, 
Як быццам дотык да святла 
Сустрэча кожная была 
Маёй душы з яго душой...
Да пабачэння, сябар мой!

 

Навум Гальпяровіч

Страціў брата

 

Мне не пашчасціла ў жыцці мець роднага брата. Апошнія шэсць гадоў я знайшоў яго ў асобе Алеся Пісьмянкова — сапраўднага брата ва ўсім. I вось яго не стала. Што тут скажаш? Вядома, мне яго не заменіць ніхто. Але трэба жыць, жыць з яго вершамі, з памяццю пра яго голас, з памяццю пра адданага сябра, брата Алеся Пісьмянкова.

 

Яўген Хвалей

"Чытаю зоры..."

Памяці Алеся Пісьмянкова

Падаюць паэты, быццам зоры, — 
Прачытай, зямля мая, іх лес. 
I табе праясняцца прасторы 
Ад паводкі весняй да нябёс.
Нехта знічкаю
ўпадзе над полем, 
Нехта ўзыдзе
ў жытняй паласе... 
ЁН мільгнуў — 
хутчэй згарэў ад болю 
3 папярэджаннем: 
цаніце час усе...

 

ГУК "Библиотечная сеть Костюковичского района"
213654, Могилёвская обл., г.Костюковичи ул.Зиньковича д.28
E-mail: kostbibl@mogilev.by
тел. 8(02245)-23-144; 8(02245)-23-778 _____________________________________________________________________________________________________________