У памяці кожнага чалавека захоўваюцца ўспаміны аб родным мястэчку, самым ветлівым, утульным, прыгожым куточку, дзе прайшло бесклапотнае дзяцінства, дзе жылі продкі… Нават цяпер, калі няма ўжо на гэтым месцы вёскі, дзе калісьці віравала жыццё, у сэрцы цепліцца памяць аб матчынай хаце, блізкіх людзях, важных падзеях… Вось толькі засталіся ад той “цеплыні” малапрыкметныя курганы пахаваных хат, зараслі хмызамі і кустоўем сцяжынкі, знаёмыя з маленства.

Саматэвічы… Гэта была вялікая прыгожая вёска да 1991 года, цэнтр сельскага Савета. У цяперашні час Саматэвічы ўжо не існуюць як населены пункт. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары перасяліліся ў новы пабудаваны пасёлак – Новыя Саматэвічы, што размясціўся на землях вёскі Ліпаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, былое ВКЛ, сёння – Рэспубліка Беларусь.

Вёска Саматэвічы. Чаму менавіта такая мілагучная назва? Вёска мае сваё далёкае мінулае, якое, магчыма, і дало ёй назву. Наогул, вёску так назвалі людзі і данеслі да нас, сучаснікаў, легенды і паданні пра яе.

Вось некаторыя з іх. У далёкія гады, калі яшчэ нішто тут не мела імя, гэтыя землі былі пакрыты густым лесам, які падыходзіў да самай ракі. Гэта прыгожае месца здаўна вабіла да сябе людзей, і яны пачалі сяліцца тут. На беразе рэчкі пабудавалі хаты. Рака была шырокая, глыбокая. Пайшлі аднойчы хлопцы купацца, і адзін з іх патануў. Доўга бацькі не маглі змірыцца з такім горам. І вырашылі яны пакінуць гэтае месца. Але праз некаторы час яны вярнуліся. І ўсё было б добра, калі б і другога сына “не забрала” рака. Пасля такога здарэння людзі вырашылі, што рака “глынае” людзей, як чорная качка глынае чарвяка. Таму яны і назвалі гэтую раку Чарнавутка. І другі раз сям’я пайшла адсюль, аднак не знайшла лепшай долі і вярнулася на старое месца. Аднавяскоўцы, якія ведалі пра трагедыю ў гэтай сям’і, казалі так: “Вось вярнуліся зноў тыя самыя або самыя тыя”. З таго часу селішча сталі называць Саматэвічы.

Другое паданне сцвярджае, што вёска мае такую назву таму, што тут жылі самастойныя людзі, якія ні ад кога не залежылі. Не залежылі ў тым сэнсе, што ў іх доўга не было памешчыка.

А калі ж узнікла вёска? Дзе яе карані? Якім шляхам яна ішла? Якія набыткі атрымала за часы свайго існавання?

Упершыню ў летапісах вёска Саматэвічы згадваецца ў 1585 годзе. Мястэчка вядома як валоданне памешчыкаў Галынскіх. У свой час Саматэвічы былі даволі буйным і вядомым населеным пунктам. Побач з сялом існавала аднайменнае мястэчка, дзе было 42 двары. На 1779 год тут было 46 двароў, у складзе маёнтку графа Р. Пацёмкіна.

Паводле інвентару Крычаўскага староства 1694 года 4 дымы, паводле інвентару 1709 года 8 дамоў, 6 валок зямлі.

У 1747 годзе ў сяле была драўляная царква і 23 двары. Пасля таго, як старая царква згарэла, у 1835 годзе пачалося будаўніцтва новай мураванай царквы. У царкве 3 ўваходы, над кожным з якіх металічнымі літарамі выкладзеныя надпісы. Асвяцілі царкву ў гонар Святой Тройцы. Пазней гэта царква была разгромлена і падпалена.

Акрамя Свята-Траецкай царквы, пабудаванай у 1842 годзе, у Саматэвічах існавалі касцёл і сінагога.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе вёска ўвайшла ў склад Расійскай імперыі.

У 1772 годзе ў сяле налічвалася — 197 жыхароў, у 1779 годзе — 220 жыхароў, у 1795 годзе налічвалася 46 двароў і 220 жыхароў.

На 1816 год у сяле Саматэвічы было 289 жыхароў, у 1834 годзе — 349 жыхароў, у 1848 годзе ў сяле было 60 двароў, у 1858 годзе — 408 жыхароў.

У 1864 годзе было адкрыта народнае вучылішча, дзе вучыліся толькі хлопчыкі. У1889 годзе тут налічвалася 54 вучні.

Доўжачы гісторыю Саматэвічаў, спынімся на наступных датах. У 1880 годзе ў сяле Саматэвічы было 473 жыхары. У 1886 годзе ў сяле налічвалася 94 двары, 523 жыхары.

Тут знаходзіліся бальніца, вінакурня, запалкавая фабрыка, вятрак, карчма, заезны двор, 6 крамаў, валасное праўленне. Мястэчка славілася сваімі ганчарамі, кавалямі і было вядома маштабнымі кірмашамі, якія праводзіліся два разы на год.

У 1888 годзе мястэчка Саматэвічы (яно ж Дзмітраўск) з’яўляецца ўласнасцю Дзмітрыя Станіслававіча Галынскага, цэнтрам воласці, якое мае Гайдукоўскае паштовае аддзяленне і налічвае 97 двароў, 744 жыхары.

У 1909 годзе ў сяле Саматэвічы налічвалася 144 двары і 1006 жыхароў, а ў мястэчку 97 двароў, 744 жыхары.

Яшчэ да рэвалюцыі ў сяле Саматэвічы быў фельчарскі пункт, а таксама аптэка, якая была адкрыта ў 1915 годзе. З 24.02.1915 года па 10.04.1915 год – кіраўніком асабістай Саматэвіцкай сельскай аптэкі Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні быў Усераў Ісаак Мейеравіч, а аптэкарскім памочнікам - Самуіл Меер Ушар. З восені 1939 года на працягу двух гадоў загадвала Саматэвіцкай аптэкай №25 Стэра Мардухаўна Фрэйдліна, якая скончыла ў 1937 г. Магілёўскую фармшколу.

1 ліпеня 1918 года ў Саматэвічах здарыўся вялікі пажар. Згарэлі ўсе пабудовы ад царквы да Зялёнкавіч, у тым ліку валвыканкам, школа, фельчарскі пункт, аптэка, яўрэйская сінагога. Дзякуючы энергічным дзеянням валвыканкама, у той жа год была пабудавана драўляная бальніца. Інструменты і медыкаменты былі закуплены ў Маскве.

26 лістапада 1918 года ў былым маёнтку памешчыка Галынскага была адкрыта школа другой ступені. Ёй былі перададзены ўсе жылыя і гаспадарчыя пабудовы панскага маёнтку, вялікі пладовы сад, больш за 30 гектараў зямлі, 2 кані, гаспадарчы інвентар.

У гэтым жа годзе ў Саматэвічах была арганізавана сельскагаспадарчая камуна. У 1922 годзе пры Саматэвіцкай воласці была ўтворана зямельная камісія, якая займалася землеўпарадкаваннем. У сакавіку 1929 года быў арганізаваны калгас «Чырвоны інтэрнацыянал», у якім працавалі бандарная і сталярная майстэрні. Першым старшынёй калгаса стаў Вераб’ёў Павел Мітрафанавіч.

У 1924 годзе ў выніку ўзбуйнення Саматэвічы вярнулі БССР, дзе 20 жніўня вёска стала цэнтрам сельскага Савета Касцюковіцкага раёна Калінінскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці.

У 1926 годзе адкрыты фельчарска-акушэрскі пункт.

Паводле перапісу 1926 года – 212 двароў, 1141 жыхар.

У 1932 годзе пры школе быў арганізаваны рабфак, у якім вясковая моладзь без адрыву ад вытворчасці авалодвала асновамі навук.

У 1933 годзе была арганізавана дзіцячая пляцоўка і яслі, вузел сувязі.

У 1935 годзе мястэчка і сяло электрафікавалі.

У 1936 годзе ў Саматэвічах, акрамя калгаса, быў арганізаваны свінагадоўчы саўгас, дырэктарам якога быў Мельнікаў Пётр Кірылавіч.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны многія жыхары вёскі былі мабілізаваны ў Чырвоную Армію і змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на франтах, а калі вораг акупіраваў Саматэвічы, многія пайшлі ў партызанскія атрады і мужна грамілі ворага ў тыле. У вёсцы да самага вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў існавала падпольная камсамольская арганізацыя. Работай арганізацыі кіраваў падпольны райкам камсамола.

У 1942 годзе на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі Саматэвічы фашысты расстралялі больш за 130 яўрэяў. На месцы іх гібелі ў 1957 годзе быў устаноўлены абеліск.

Пасля вызвалення (1943 г.) Саматэвіч Савецкай Арміяй жыхары вёскі прыступілі да аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі. Жыхары Саматэвіч на ўласных плячах насілі са станцыі Камунары насенне, у плуг і барану запрагалі кароў, выходзілі з зямлянак... У 1968 годзе (саўгас “Саматэвічы”) гаспадарка мела 4 тыпавыя кароўнікі, 6 свінарнікаў, многа іншых аб’ектаў вытворчага прызначэння. Саўгас меў 30 трактароў і 25 аўтамабіляў, нямала іншай тэхнікі.

Паводле перапісу 1959 года ў Саматэвічах жыло 1048 жыхароў.

У 1977 годзе да вёскі Саматэвічы далучылі вёскі Зялёнкавічы 1 і Зялёнкавічы 2.

У 1984 годзе ў вёсцы заснавалі Літаратурны музей імя Аркадзя Куляшова (у 1986 годзе яго перавялі ў Касцюковіцкі краязнаўчы музей). У гэты час на галоўнай вуліцы Саматэвічаў месціліся гаспадарчая і харчовая крамы, кнігарня, школа, дзіцячы сад-яслі, бальніца і пошта. У вёсцы працавала лесапільня, бібліятэка, аптэка, Дом культуры, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, лазня, 2 сталовыя, аўтаматычная тэлефонная станцыя, 6 магазінаў.

На 1986 год у вёсцы было 424 двары, 1098 жыхароў.

28 лютага 1991 года вёску Саматэвічы наведаў прэзідэнт СССР Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў. Развітваючыся з жыхарамі вёскі, Міхаіл Сяргеевіч сказаў: Смотрю я на вашу деревню и представляю, какая здесь красота весной. И думаю о том, как тяжело покидать такие места, расставаться со всем, что долгие годы было дорого сердцу. И еще вот о чем думаю: больно, когда такая беда, как Чернобыль, разрушает устои жизни. Еще больнее, когда люди вынуждены уходить с насиженных мест”. А праз некаторы час вяскоўцаў адсялілі ў новы пабудаваны пасёлак, што размясціўся на землях вёскі Ліпаўка. Пасля перасялення новаму населенаму пункту прапаноўвалі даць назву Прагрэс, аднак мясцовыя жыхары выступілі за іншы варыянт — Новыя Саматэвічы.

На 2011 год у вёсцы Саматэвічы налічвалася звыш 10 самасёлаў, у тым ліку адна сям’я з 2 дзецьмі. На ўлік сваё месца жыхарства паставіў толькі 1 вясковец. 30 чэрвеня 2015 года вёска поўнасцю ліквідаваная.

У цяперашні час Новыя  Саматэвічы – гэта сучасны прыгожы аграгарадок, які з’явіўся ў 2005 годзе на тэрыторыі калгаса “Прагрэс”. Тут знаходзяцца ўрачэбна-амбулаторная бальніца, аддзяленні сувязі і ашчадбанка, кафэ «Маладзёжнае», крамы, дзіцячы яслі-сад, клуб вольнага часу, сельская бібліятэка, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Новасаматэвіцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа» (1992). З 1999 года ў школе функцыянуе філіял раённага краязнаўчага музея «Літаратурны музей А.А. Куляшова», філіял Касцюковіцкай дзіцячай школы мастацтваў (2002), філіял дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў (2005).

На тэрыторыі сучаснага аграгарадка налічваецца дванаццаць вуліц, якія маюць сваё жыццё, свой воблік і з’яўляюцца адлюстраваннем гістарычнага развіцця вёскі. Мясцовыя жыхары захавалі ранейшыя назвы вуліц, але з’явіліся і новыя, утвораныя ад назваў вёсак, адкуль прыехалі перасяленцы: Хоцімская, Слабадская.

Аграгарадок Новыя Саматэвічы да лютага 2017 года ўваходзіў у склад Бялынкавіцкага сельскага Савета. Зараз – гэта Новасаматэвіцкі сельскі Савет, адміністратыўная адзінка на тэрыторыі Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Літаратура:

 

1. Балтушка, І. Жывуць людзі – жыве вёска / І. Балтушка // Голас Касцюкоўшчыны. – 1997. – 4 студзеня. – С. 3.

2. Бондараў, В. Бывайце, Саматэвічы / Віктар Бондараў // Голас Касцюкоўшчыны. – 2005. – 23 красавіка. – С. 3.

3. Гарбунова, Т. Мая вёска // Т. Гарбунова // Голас Касцюкоўшчыны. –  1994. – 17 снежня. – С. 3.

4. Дуксін, М. Былое і сучаснае Саматэвіч / М. Дуксін // Сцяг Камунізма.— 1967.— 29 ліпеня. – С.5.

5. Іванова, І. Забыццё? Мутацыя? Жыццё? Вёска Саматэвічы / І. Іванова // Звязда. – 2001. – 21 красавіка. – С. 3.

6. Іванова, І. Забыццё? Мутацыя? Жыццё? Вёска Саматэвічы / І. Іванова // Звязда. – 2001. – 26 красавіка. – С. 6.

7. Ковалёва, Н. Дорога в деревню, которой нет / Наталья Ковалёва // Голас Касцюкоўшчыны. 2009. 25 красавіка. С. 5.

8. Ковалёва, Н. Новые Самотевичи / Наталья Ковалева // Голас Касцюкоўшчыны. – 2012. – 29 жніўня. С. 4.

9. Скороботатов, А. Жить тут можно. Если не помрешь…сны о настоящем, мечта о будущем деревни Самотевичи / А. Скороботатов // Могилёвская правда.— 2001.— 20 апреля.— С.3.