Звычайна мы едзем некуды далёка, каб паглядзець помнікі культуры, гісторыі, архітэктуры, прыроды, і забываем, што зусім побач ёсць не меней цікавыя абекты.

Так, маўклівым сведкам гісторыі архітэктуры на Касцюкоўшчыне з’яўляецца цагляная Свята-Троіцкая царква 1842 года пабудовы. Пабываць каля яе можна толькі па спецыяльным пропуску. І дзіўнага ў гэтым мала, калі ведаеш, што храм знаходзіцца на адселенай тэрыторыі, у былой вёсцы Саматэвічы. Сёння не звіняць тут званы, не моляцца прыхаджане. Толькі якая птушка заляціць праз выламаныя дзверы і вокны ды пакружыцца пад столлю.  Ці турыст, якога не палохае ні радыяцыя, ні штраф за знаходжанне без дазволу ў зоне адчужэння, прыйдзе сюды палюбавацца ўнікальным аб’ектам архітэктуры.

Вёску, дзе налічвалася каля шасцісот двароў і двух тысяч жыхароў, адсялілі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Многія саматэвіцкія будынкі былі пахаваны пад зямлёй. А вось на дом Божы чалавечая рука не паднялася. Так і стаіць там сярод дрэў і зараснікаў адзінокая Свята-Траецкая царква.

Першыя ўзгадкі пра гэты праваслаўны храм у Саматэвічах адносяцца да 1668 года. У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў мястэчку дзейнічала драўляная царква, якая згарэла ў 1834 годзе. Тагачасны ўладальнік паселішча Іван Галынскі ў памяць аб памерлай жонцы Анастасіі на наступны год распачаў будаўніцтва новага мураванага храма ў вёсцы. Згодна з паданнем, пляцоўка для будаўніцтва была абрана на тым месцы, куды занесла ветрам крыжы ў час пажару, калі згарэла першая царква. Будавалі храм два архітэктары. Першага дойліда Галынскі запрасіў з Санкт-Пецярбурга. Цэгла для пабудовы царквы выраблялася на мясцовай цагельні па старажытным рэцэпце: у раствор дадавалі курыныя яйкі і потым, апаліўшы гэту цэглу, узважвалі на шалях і апускалі на 10 дзён у ваду. Па заканчэнні гэтага тэрміну кожную цагліну зноў узважвалі, і калі яна не дадавала вагі, ішла на будоўлю царквы. Вядома, што клаліся спачатку толькі шэсць радоў цэглы. Пасля гэтага майстар пакідаў будаўніцтва і вяртаўся да яго толькі праз паўгода –каб храм атрымаўся надзейным і даўгавечным.Унікальная была не толькі кладка, але і форма царквы. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю. Яна адносіцца да тыпу крыжова-купальных храмаў з паўкруглай апсідай і прамавугольным прытворам. Кубападобны аб'ём завершаны 5 цыбулепадобнымі купаламі на цыліндрычных барабанах. Цэнтры бакавых фасадаў вылучаны рызалітамі з вуглавымі гранёнымі пілонамі. Вузкія арачныя аконныя праёмы размешчаны ў верхняй частцы сцен і ўпрыгожаны пластычнымі ліштвамі з кілепадобнымі сандрыкамі, пілястрамі, кілепадобнымі арачкамі і прафіляванымі падваконнікамі. Высокі цокаль крапаваны прамавугольнымі нішамі, апяразаны рабрыстым поясам.

У інтэр’еры 4 магутныя слупы, аб’яднаныя падпружнымі аркамі, якія трымаюць высокі светлавы барабан купала. Сем бакавых квадратных у плане, вылучаных аркамі частак малітоўнай залы перакрыты цыліндрычнымі трыма распалубкамі і крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам на дзвюх драўляных іанічных калонах размешчаны хоры, якія адкрываюцца ў залу арачнымі прасветамі.

Вышыня царквы каля 30 метраў. У храм вядуць тры ўваходы. На кожным з іх быў надпіс. На паўночным баку храма ён захаваўся: “У памяць у Бозь спачылай маці ад Благодарныхъ 23 сакавіка 1842 год...”.

Архітэктар з Санкт-Пецярбурга да купалоў пабудаваў храм, а затым па невядомых прычынах з’ехаў. Пасля гэтага Галынскі запрасіў архітэктара з Масквы. Пры ім будаўніцтва храма было завершана.

Асвяцілі царкву ў гонар Святой Троіцы ў 1842 годзе. Яна мела два прытворы: адзін – прарока Іллі, а другі – святой пакойніцы Анастасіі. А пад царквой быў зроблены склеп, куды Іванам Галынскім быў перанесены прах памерлай жонкі Настассі. І пазней у гэтай царкве хавалі памерлых з роду Галынскіх.

У 1864 годзе пры царкве было заснавана народнае вучылішча, у якім навучалася каля паўсотні хлопчыкаў.  Савецкі час аказаўся вельмі трагічным для беларускіх святыняў. Свята-Троіцкая царква ў Саматэвічах была закрыта і ператворана ў зернесховішча, а праз некаторы час стала выкарыстоўвацца як лядоўня, дзе захоўвалі тушы забітых калгасных жывёл. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска была адселена, храм закінуты і павольна разбураўся. У 2008 годзе ў будынку адбыўся пажар, які знішчыў унутраныя драўляныя канструкцыі.

Сёння царква знаходзіцца ў руйнаваным стане, не захавалася яе былой прыгажосці. Так, няма ў ёй ні падлогі, ні акон з дзвярыма. Зніклі з яе ўсялякія царкоўныя атрыбуты і ўбранне. Абваліліся купалы. І толькі сцены стаяць. Ды жыве людская памяць.

 

Літаратура:

1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; рэдакцыйная калегія: С.В.Марцэлей (гал. рэд.) [ і інш.]— Мінск.: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл.

2. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с.